Беларуская Служба

Кракаўскі Міжнародны цэнтр культуры звяртаецца да беларускай праблематыкі

19.10.2023 15:07
Лукаш Галюсэк, намеснік дырэктара па праграмах фонду «Міжнародны цэнтр культуры», расказвае пра беларускія аспекты дзейнасці арганізацыі.
Аўдыё
  • "Варшаўскі мост". Л.Галюсэк пра кракаўскі МЦК.
     Herito,  .
Фрагмент вокладкі спецыяльнага нумара квартальніка Herito, прысвечанага Беларусі.https://mck.krakow.pl/

Кракаўскі фонд «Міжнародны цэнтр культуры» быў заснаваны ў 1991 годзе і яго місіяй з'яўляецца культурнае супрацоўніцтва з суседзямі Польшчы ў Цэнтральна-Усходняй Еўропе. Прычым не толькі з тымі, з якімі ў РП ёсць агульная мяжа.

Міжнародны цэнтр культуры надае вялікую ўвагу польска-беларускаму супрацоўніцтву. Гэта ўстанова робіць значны ўклад у даследаванне Беларусі польскімі вучонымі.

Лукаш Галюсэк, намеснік дырэктара па праграмах фонду «Міжнародны цэнтр культуры»: — Украіна і Беларусь з'яўляюцца нашымі непасрэднымі суседзямі, таму звязаная з імі тэматыка фігуруе ў дзейнасці Міжнароднага цэнтра культуры з першых дзён, г.зн. больш за 30 гадоў.

Міжнародны цэнтр культуры ўзнік на хвалі грамадска-палітычнай трансфармацыі Цэнтральна-Усходняй Еўропы, якая пачалася ў 1989 годзе, калі ўласна сфарміравалася новая карта гэтай часткі Еўропы. У той час адны дзяржавы перасталі існаваць, а на іх месцы ўзніклі іншыя. І, у сваю чаргу, Міжнародны цэнтр культуры нарадзіўся на хвалі стварэння новай Цэнтральна-Усходняй Еўропы.

Намеснік дырэктара Міжнароднага цэнтра культуры па праграмах таксама расказаў аб іншых праектах, арыентаваных на Беларусь, у прыватнасці, аб стыпендыяльных.

Лукаш Галюсэк: — Даследчыкі з Украіны і Беларусі могуць прыехаць па нашым запрашэнні ў Кракаў і праводзіць тут свае даследаванні. Маладыя вучоныя, але, зрэшты, і вучоныя са стажам з Украіны і Беларусі пастаянна працуюць у Польшчы з нашай дапамогай.

Адным з праектаў Міжнароднага цэнтра культуры, непасрэдна звязаным з Беларуссю, з’яўляецца выдавецкая серыя Materiały do dziejów sztuki sakralnej na ziemiach wschodnich dawnej Rzeczypospolitej («Матэрыялы па гісторыі сакральнага мастацтва на ўсходніх землях былой Рэчы Паспалітай»). У салідных тамах, якія ахопліваюць пераважна заходнія раёны сучаснай Беларусі, сабраны архіўныя матэрыялы і сучасныя даныя, у т.л. фатаграфіі, пра многія касцёлы.

Лукаш Галюсэк: — Гэтыя кнігі з’яўляюцца бясцэнным матэрыялам для мастацтвазнаўцаў. Гэта серыя выходзіць яшчэ з 1990-х гг. Спачатку былі апрацаваны матэрыялы з былога Рускага ваяводства — ваколіц Львова ва Украіне, а затым геаграфія была пашырана на землі былога Вялікага Княства Літоўскага — пераважна тэрыторыю сучаснай Беларусі.

Дзякуючы матэрыялам з гэтых кніг ёсць магчымасць рэканструяваць гісторыю храмаў і іх першапачатковы выгляд. Асабліва гэта датычыць будынкаў, якія былі пашкоджаны падчас і пасля Другой сусветнай вайны. У радзе выпадкаў захаваліся іх каробкі, аднак элементы аздаблення былі страчаны, а частка была перамешчана разам з людзьмі, якія пасля Другой сусветнай вайны ў выніку г.зв. рэпатрыяцыі перабраліся на заходнія землі сучаснай Польшчы. Можна сказаць, што творы мастацтва, якімі з’яўляюцца касцёлы разам з жывапісам, скульптурай і рухомым інвентаром, “рассунуліся” на некалькі соцень кіламетраў на захад. Але дзякуючы даследаванням мастацтвазнаўцаў у гэтых кнігах нанова “скамплектаваны” многія будынкі і іншыя творы мастацтва. Гэта мае вялікае значэнне для польскага мастацтвазнаўства, бо нашы даследчыкі пасля Другой сусветнай вайны часта не мелі доступу да аб’ектаў у Беларусі і Украіне і не маглі іх даследаваць. Але гэта таксама мае значэнне і для беларускай, і для ўкраінскай навукі.

Міжнародны цэнтр культуры ў сваёй дзейнасці перыядычна звяртаецца да беларускай праблематыкі. Пэўным штуршком да большай цікавасці да Беларусі былі падзеі 2020 года.

Лукаш Галюсэк: — У 2021 годзе мы выдалі спецыяльны нумар нашага квартальніка Herito, прысвечаны Беларусі. Для нас важна, каб Польшча і польскі культурны свет падтрымліваў тых беларусаў, якія знайшлі прытулак у Польшчы пасля падзей 2020 года ў Беларусі, каб у іх была магчымасць для культурнай і навуковай работы.

Яшчэ адзін выдавецкі праект кракаўскага Міжнароднага цэнтра культуры — гэта пераклад працы па гісторыі Літвы вядомага літоўскага публіцыста Томаса Вянцлавы, які прыязна адносіцца і да беларусаў і іх укладу ў супольную з Літвою гісторыю.

Лукаш Галюсэк: — У значнай ступені гэта кніга пра гісторыю Вялікага Княства Літоўскага. Гэта гісторыя, якая нас аб’ядноўвае, гэта супольная гісторыя чатырох народаў былой Рэчы Паспалітай.

Таму ўсім, хто цікавіцца гісторыяй той агульнай прасторы, якою была Рэч Паспалітая, я параіў бы звярнуць увагу на гэтыя публікацыі.

Віктар Корбут

Слухайце аўдыё

Больш на гэтую тэму: Варшаўскі мост

Гісторык Яраслаў Грыцак: Каб утварылася Украіна, зрэшты, як і Беларусь, Расія, павінна была быць зруйнавана старажытная Русь

28.09.2023 15:02
Вядомы ўкраінскі гісторык Яраслаў Грыцак лічыць, што ўкраінцам мала галушак і песень — ім патрэбна ўласная культура і дзяржава.